ТЭНЗАРЭЗІСТЫ́ЎНЫ ЭФЕ́КТ,
змена эл. супраціўлення цвёрдага правадніка (металу, паўправадніка) у выніку яго дэфармацыі.
Асн. характарыстыка — каэф. тэнзаадчувальнасці k = (∆ρ/ρ)/(∆l/l), дзе ∆l/l — адносная змена даўжыні l узору пад Дзеяннем прыкладзенай нагрузкі ў пэўным напрамку, ∆ρ/ρ — адносная змена ўдзельнага эл. супраціўлення р уздоўж гэтага напрамку. Для металаў і сплаваў на аснове нікелю, малібдэну, плаціны k = 2—14, для паўправаднікоў (германію, крэмнію і інш.) k = 100—200. Т.э. абумоўлены зменай міжатамных адлегласцей пры дэфармацыі, што прыводзіць да змены структуры энергет. зон крышталя. Апошняе выклікае змену канцэнтрацыі носьбітаў току (электронаў праводнасці, дзірак), іх эфектыўнай масы, пераразмеркаванне іх паміж энергет. максімумамі ў зоне праводнасці і мінімумамі ў валентнай зоне (гл. Зонная тэорыя). Дэфармацыя таксама ўплывае на працэсы рассеяння носьбітаў цераз змену спектра фанонаў і генерацыю новых дэфектаў у крышталях. Т.э. выкарыстоўваецца ў тэнзадатчыках супраціўлення.
Р.М.Шахлевіч.
т. 16, с. 128
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)